DEFENCE

проект информационной и социальной защиты пациентов и врачей

Оформление заказа (0)    
Логин

Регистрация
Пароль

Забыли пароль?


В СоцСетях :

Google+

FB

VK

Skype: dr_ydik

psycho.by NLP Психотерапия в Минске.Психотерапевт вызов на дом Минск.Сеансы психотерапии в Минске.Психотренинги в Минске.Гипноз.Лечение депрессии


milonga.by Аргентинское танго в Беларуси,милонги в Минске,уроки, фестивали,семинары, танго-школы.

Genway.ru


massag.by Мануальная терапия, массаж, выезд к пациенту.


lek.by Правда о лекарствах.Аптеки.Фармбизнес.Фитотерапия.Биодобавки

adulter.by,sexology




Славяне и балты

Кривичи, Радимичи и Дрыговичи — племена из слившихся славян и балтов

Балты

Балцкая этнамоўная супольнасць фармавалася на велiзарных лясных абшарах памiж Балтыйскiм морам на захадзе i вярхоўямi Акi на ўсходзе, мiж Дзвiной на поўначы i Прыпяццю на поўднi. З агульнага балта-славянскага масiву яна магла выдзеліцца на пачатку І тыс. да н.э. У эпоху жалезнага веку (VIII ст. да н.э. — VIII ст. н.э.) на тэрыторыi Беларусi ўжо iснавалi паасобныя племянныя групоўкi носьбiтаў балцкiх моў. У якасцi iх эквiвалентаў даследчыкi вылучаюць некалькi роднасных археалагiчных культур: днепрадзвiнскую, якая ахоплівала Полацка-Вiцебскае Падзвiнне ды вярхоўi Дняпра, i штрыхаванай керамiкi, плямёны якой засялялi тэрыторыю ўсёй цэнтральнай Беларусi i землi ў сучаснай Лiтве ды Латвii. Няма адзінай думкі наконт мiлаградскай культуры, археалагiчныя помнiкi якой знаходзяцца ў басейне Прыпяцi i Сярэдняга Дняпра: адны археолагi адносяць яе да славян, другiя — да балтаў. А вось этнiчная прыналежнасць зарубiнецкiх плямёнаў, што ў канцы I тыс. да н.э. з'явiлiся на тэрыторыi, займанай раней мiлаградцамi, большасцю беларускiх вучоных вызначаецца як славянская.

Такiм чынам, амаль на ўсёй тэрыторыi Беларусi ў далёкай старажытнасцi дамiнавалi ўсходнiя балты. Балтамоўнае насель-нiцтва было расселена невялiкiмi калектывамi па родавых гарадзiшчах, займалася земляробствам i жывёлагадоўляй, будавала заглыбленыя ў зямлю жытлы з вогнiшчам у куце i ўжо выкарыстоўвала жалезныя прылады працы.

Прыкладна ў сярэдзiне I тыс. н.э. адбылася унiфiкацыя культур жалезнага веку. На iх аснове склалася новая культура, межы распаўсюджання якой максiмальна блiзкiя да пазнейшых этнаграфiчных межаў рассялення беларусаў. Паводле найбольш характэрных помнiкаў, што з'явiлiся на тэрыторыi амаль усёй Беларусi ў трэцяй чвэрцi I тысячагоддзя, вучоныя называюць яе Банцараўска-Калочынска-Тушамлянскай, або проста Банцараўскай. Пасяленнi гэтай культуры пакiнула таксама даславянскае, г.зн. балцкае насельнiцтва.

Лакальныя варыянты Банцараўскай культуры сталi той асновай, на якой з прыходам славян пачалi фармавацца новыя этнiчныя супольнасцi. Такiм чынам, балтамоўныя племянныя групоўкi з'явiлiся субстратам (падасновай) беларускага этнагенэзу.

Рассяленне славян

Славяне вылучылiся з індаеўрапейскай моўна-этнічнай супольнасці ў самастойную групоўку прыкладна да сярэдзiны I тысячагоддзя да н.э. Масавыя міграцыі людзей у эпоху Вялікага перасялення народаў (ІІІ — VІІ ст. н.э.) уплывалі і на рухомасць славян. У V-VI ст. н.э. яны з'явіліся на Балканах, адкуль пачалi рухацца ў бок багатых рымскiх правiнцый i на ўсход. Прынята лiчыць, што менавiта з гэтым працэсам звязана з'яўленне ў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе першых бясспрэчна славянскiх археалагiчных помнiкаў, вядомых як культура пражскага тыпу.

На тэрыторыю Беларусі першыя славяне прыйшлі з поўдня прыкладна ў VI-VII ст., калi ўзрост балцкiх старажытнасцяў тут сягаў ужо двух тысячагоддзяў. Храналагiчна гэта супала з пачаткам распаду агульнаславянскай мовы. Моцная славянская групоўка з'явiлася тады на Ўкраiне i на поўднi Беларусi, нiжэй Прыпяцi. Але абшары на поўнач ад гэтай ракi славяне пачалi асвойваць толькi ў VIII ст. Што ж да паўночных i заходнiх зямель краiны, дык iх тут не было да IХ ст.

Рухаючыся па рэках, славяне сялiлiся побач з балтамi, нярэдка падпарадкоўваючы iх, займалi гарадзiшчы абарыгенаў. Яны пераўзыходзiлi балтаў па ўзроўнi сацыяльнай арганiзацыi, мелi больш развiтую гаспадарку: займалiся ворыўным земляробствам, ведалi двухполле, карысталiся ралам з жалезным наканечнiкам, чараслом. Аб паступовым рассяленнi ўсходнiх славян па тэрыторыi ўсёй Беларусi ў IХ ст. (за выняткам Панямоння, дзе яны з'явiлiся на век пазней) сведчаць пашыраныя тут тыпова славянскiя старажытнасцi — акруглыя курганы з пахаваннямi паводле абраду трупаспальвання, паўзямлянкi з печамi-каменкамi ў куце, спецыфiчная керамiка, асаблiвыя ўпрыгожваннi i iнш.

Невядома, наколькi мiрным было суiснаванне двух этнасаў на тэрыторыi Беларусi. На шэрагу балцкiх гарадзiшчаў мяжы VІІ — VІІІ ст. зафіксаваны сляды пажараў, што сведчыць пра ваенныя канфлiкты. Агульны заняпад Банцараўскай культуры археолагі звязваюць з каланiзацыйнай экспансiяй славян.

Вынiкам працяглых і актыўных мiжэтнiчных кантактаў, паступовага змешвання славян з карэнным балцкiм насельнiцтвам ды яго метысацыi стала ўтварэнне новых мiжплемянных супольнасцяў — сiмбiёз балцкай i славянскай культуры. Сведчаннем такога сiмбiёзу можна лiчыць прысутнасць балцкiх элементаў у славянскiх старажытнасцях, спалучэнне ў адных помнiках i славянскiх, i балцкiх этнавызначальных рысаў. Прыкладам, на занятай усходнiмi славянамi тэрыторыi з'явiлiся курганы з усходняй арыентацыяй (па балцкай традыцыi), хоць славяне хавалi нябожчыкаў галавой на захад. Тыпова балцкiмi лiчацца таксама многiя iншыя элементы пахавальнага абраду, выяўленыя ў курганах упрыгожаннi. Такiя помнiкi належалi, вiдаць, ужо славянiзаваным балтам.

Пералічваючы ўсходнеславянскія плямёны, Географ Баварскі ў ІХ і Канстанцін Парфірародны ў Х ст., а таксама «Аповесць мiнулых гадоў», створаная на пачатку ХІІ ст., называюць вяцiчаў, дрыгавiчоў, драўлянаў, крывiчоў, палачанаў, палянаў, радзiмiчаў, севяранаў, славенаў, цiверцаў, улiчаў, ды бужанаў i дулебаў, якiх звалi яшчэ валынянамi. Тэрыторыю Беларусi займалі дрыгавiчы, крывiчы i радзiмiчы. Яны з'явiлiся тут, вiдаць, у VIII-IХ ст., хоць працэс актыўнай асiмiляцыi балтаў цягнуўся яшчэ некалькi стагоддзяў. Палачане былі хутчэй не этнiчнай, а тэрытарыяльна-палітычнай супольнасцю.

Пры агульным усходнеславянскiм аблiччы новыя племянныя аб'яднаннi набылi шэраг спецыфiчных рысаў — у залежнасцi ад удзельнай вагi аўтахтонаў ды рэгiянальных асаблiвасцяў. Праз тысячагоддзе найбольш паказальнымi аказаліся адрозненнi ў жаночых упрыгожваннях i пахавальным абрадзе, картаграфаванне якiх i дазволiла археолагам вызначыць тэрыторыю рассялення кожнага з трох летапiсных аб'яднанняў, што засялялі тэрыторыю сучаснай Беларусi. Крывiчы займалi абшары Падзвiння i Верхняга Падняпроўя. Iх племянным цэнтрам быў Полацк. Дрыгавiчы засялялi землi ад Прыпяцi да лiнii Заслаўе — Лагойск — Барысаў. На ўсходзе яны былi абмежаваныя Дняпром, на захадзе — Выганаўскiмi балотамi, а цэнтрам мелi Тураў. На поўначы Беларускага Палесся славянскiя рысы дрыгавiцкiх старажытнасцяў малазаўважныя, паколькi дрыгавiчы перанялi тут усю матэрыяльную культуру балцкага насельнiцтва. Радзiмiчы ж займалi басейн Сожа да левага берага Дняпра. Самым значным пасяленнем на радзiмiцкай тэрыторыi быў Гомель, магчыма, iх племянны цэнтр.

Прыкладна з Х ст. крывiчы i дрыгавiчы распачалi каланiзацыю Панямоння, заселенага плямёнамi яцвягаў па левы i лiтвы па правы бераг Нёмана. Туды ж памкнулiся валыняне i драўляне. Аднак асiмiляцыя балтаў тут праходзіла надта марудна, таму Панямонне яшчэ стагоддзямi заставалася змяшанай балта-славянская зонай.

Вядомы знаўца балта-славянскiх старажытнасцяў археолаг Валянцін Сядоў лiчыць, што менавiта карэннае балтамоўнае насельнiцтва стала кансалiдуючай асновай, якая дала пачатак фармаванню новай, асобнай этнiчнай супольнасцi. Гэты працэс адбываўся менавiта на тэрыторыi, акрэсленай балцкiмi гiдронiмамi, г.зн. там, дзе да прыходу славян жылi балты. Праўда, у Беларускiм Паазер'i, памiж Дзвiной i Верхнiм Дняпром, ёсць i фiна-угорскiя гiдронiмы, аднак шэраг вучоных мяркуе, што славяне маглі атрымаць iх у спадчыну ад балтаў, а непасрэднага кантакту з фiна-уграмi хутчэй за ўсё не мелі.

Выглядае, што абшары этнагенэзу вызначалi не рубяжы старых племянных саюзаў цi будучых дзяржаў, а этнiчны субстрат. Менавіта пад уплывам балцкiх дыялектаў на вялікай тэрыторыі паміж вярхоўямі Дняпра і Нёманам, ад Дзвіны да Прыпяці сталi выпрацоўвацца фанетычныя асаблiвасцi беларускай мовы — аканне, дзеканне, цеканне, цвёрдае «р» i iнш. Значнае ўздзеянне балцкiх дыялектаў зазнала мова крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў таксама на ўзроўнi марфалогii i лексiкi. Мноства сведчанняў пра генетычныя сувязі i колiшняе супольнае жыццё засталося ў беларускiх этнаграфiчных матэрыялах i фальклоры. Гэта вядомыя толькi на этнiчна беларускiх ды лiтоўскiх землях агульныя культы (прыкладам, культ змяi i каменя), старажытныя песнi з агульным матывам i мастацкiм зместам, слупавая тэхнiка ўзвядзення сценаў, адмысловы, характэрны толькi для гэтых абшараў тып лапцяў ды шмат чаго iншага.

Крывiчы, дрыгавiчы i радзiмiчы былі не родаплемяннымі, а тэрытарыяльна-палiтычнымі ўтварэннямі. Каланiзацыя зямель, раней абжытых iншым насельнiцтвам, патрабавала ад iх моцнай ваеннай арганiзацыi, узвядзення сваiх апорных пунктаў — гарадоў, што выконвалі ролю i адмiнiстрацыйных цэнтраў, i фарпостаў асваення новай тэрыторыi. Гэтыя ўсходнеславянскiя групоўкi былi ўжо моцнымi мiжплемяннымi саюзамi з уласнымi патэстарнымi iнстытутамi, вядомымi ў спецыяльнай лiтаратуры як племянныя княжаннi.